ВІСЯ́ЧАЯ СІСТЭ́МА ў будаўнічай механіцы, сістэма нясучых канструкцый, асн. элементы якой (тросы, кабелі, ланцугі, ліставыя элементы) успрымаюць гал. чынам расцягвальныя намаганні. Адрозніваюцца адносна малой жорсткасцю і наяўнасцю вонкавых і ўнутр. распораў (гарыз. рэакцый апор). Бываюць плоскія (адна- і шматпаясныя вісячыя фермы) і прасторавыя (вісячыя абалонкі, мембраны). У разліковых схемах вісячыя сістэмы разглядаюцца як гнуткія ніці, шарнірна-стрыжнёвыя многавугольнікі або гнуткія абалонкі. Разнавіднасць вісячых сістэм — вантавыя сістэмы. Гл. таксама Вісячыя канструкцыі.

т. 4, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)